Плацяжы 2.0, планаванне галасавых чатаў, новыя вэб-версіі

Чытаць арыгінальны допіс па-англійску
Плацяжы 2.0, планаванне галасавых чатаў, новыя вэб-версіі і шмат чаго яшчэ

Гэтае абнаўленне дадае палепшаныя плацяжы для ўсіх чатаў Telegram, планаванне і міні-профілі для галасавых чатаў, новыя браўзерныя версіі Telegram – і гэта мы толькі пачалі пералічваць!

Плацяжы 2.0

Мы дадалі падтрымку плацяжоў яшчэ ў 2017. Тады плацежныя боты дазвалялі прадаўцам выстаўляць чэкі для аплаты, а пакупнікі маглі бяспечна і хутка іх аплочваць – што б там ні было, піца ці выклік таксі, а мабыць нават і замена зімовай рэзіны на аўтамабіле: раптам вам надакучыла зіма?

Ад сёння любыя карыстальнікі могуць выстаўляць на продаж свае тавары і паслугі ў любым чаце, у тым ліку суполках і каналах з мільёнамі падпісчыкаў. Апрацоўваць транзакцыі будуць 9 інтэграваных пабочных плацежных сістэм, сярод якіх, напрыклад, ёсць Stripe.

Пакупнікі таксама могуць даць гасцінца падчас аплаты, каб паказаць сваю павагу да працы сваіх любімых мастакоў, крам або кур’ераў дастаўкі. Плацяжы можна рабіць з любой праграмы Telegram – у тым ліку і з Desktop-версій.

Гэта бясплатная і адкрытая платформа – Telegram не спаганяе камісій і не захоўвае звесткі аб транзакцыях і плацяжах. Плацежныя рэквізіты перадаюцца напрамую ў сістэму, якая апрацоўвае транзакцыю, а адрас дастаўкі – прадаўцу, каб ён мог адправіць вам ваш заказ.

Мы стварылі дэманстрацыйны канал з безліччу ўсякай размаітай разнаты, якую ні за якія грошы не купіш, таму вы можаце паглядзець, як гэта ўсё працуе, не аддаўшы ані капейчыны.

Любы ахвотны можа пачаць працаваць з API плацяжоў – для гэтага не трэба атрымліваць дадатковых дазволаў ад Telegram. Распрацоўшчыкі, зацікаўленыя ў інтэграцыі плацяжоў у свае сістэмы, могуць азнаёміцца з дапаможнікам па плацяжах.

Запланаваныя галасавыя чаты

Галасавыя чаты даюць карыстальнікам магчымасць як пагутарыць з вузкім колам сяброў, так і далучыцца да даўжэзных трансляцый з мільёнамі слухачоў.

Кіраўнікі суполак і каналаў цяпер могуць запланаваць галасавы чат на канкрэтны час і дату, а не сядзець з секундамерам і ствараць яго ўручную ў патрэбны час. Так патэнцыйныя ўдзельнікі змогуць распавесці ўсім сваім сябрам і назапасіць папкорн загадзя.

Карыстальнікі ўбачаць маляўнічы адлік часу уверсе чата. А тыя, у каго ёсць справы іншыя ад сачэння за секундамі, могуць уключыць апавяшчэнне, якое паведаміць іх, калі чат пачнецца.

Кіраўнікі могуць запланаваць галасавы чат на старонцы профіля іх суполкі або канала. На Android, націсніце ⋮ > Пачаць галасавы чат > Запланаваць галасавы чат. На iOS, націсніце кнопку Пачаць галасавы чат і выберыце Запланаваць галасавы чат.

Дарэчы, не хвалюйцеся, вам не давядзецца пільнаваць час пачатку, бо чат не пачнецца сам сабой пасля сканчэння адліку – кіраўнік павінен «зацвердзіць» пачатак, націснуўшы кнопку Пачаць зараз.

Міні-профілі для галасавых чатаў

Цяпер вы можаце праглядаць поўныя аватары і звесткі профілю, каб лепей пазнаёміцца з суразмоўцамі, не закрываючы акна чата.

Таксама вы можаце змяніць свой аватар і звесткі пра сябе не выходзячы з чату, як раптам у вас з’явіцца на гэта патрэбнасць.

Новыя вэб-версіі

Першая вэб-версія Telegram была запушчана яшчэ ў 2014. З таго часу наш уласны чорцік, адказны за ўнутраныя спаборніцтвы, усё нашэптваў: «Навошта вам адна версія, зрабіце дзве!»

Так што сёння мы дадаем дзве новыя, паўнавартасныя браўзерныя версіі – і абедзве падтрымліваюць анімаваныя стыкеры, начны рэжым, папкі для чатаў і шмат чаго яшчэ. І так, імі можна карыстацца на мабільных прыладах.

Гэтыя новыя браўзерныя версіі маюць усю моц і красу нашых мабільных і Desktop-праграм, з новымі анімацыямі і персаналізацыяй, каб адпавядаць ўсім вашым патрэбам. Таксама яны вельмі неверагодна эфектыўныя – вам спатрэбіцца толькі спампаваць 400 КБ (гэтага аб’ёму хопіць на два фотаздымкі ката сярэдніх памераў), і яны адразу пачнуць сваю справу, без усякіх усталяванняў. Паспрабуйце абедзве, якая вам больш спадабаецца:

Як і іншыя кліенты Telegram, нашы вэб-версіі поўнасцю самастойныя: пасля ўваходу яны не патрабуюць доступу ў інтэрнэт або каб вы трымалі свой тэлефон побач.

Як раптам у вас узнікнуць нейкія праблемы з любой з гэтых новых версій, паведаміце нас праз платформу прапаноў.

Прамая спампоўка для Android

Карыстальнікі iOS ужо могуць спампаваць абнаўленне з App Store. У Google жа нам сказалі, што «час праверкі абнаўленняў падоўжыўся з прычыны змен у працоўных графіках». На шчасце, можна не чакаць сканчэння праверкі.

Вы можаце спампаваць Telegram для Android напрамую з telegram.org. Праграма, усталяваная такім чынам, будзе аўтаматычна абнаўляцца да найноўшай версіі. Вы таксама будзеце атрымліваць усе абнаўленні значна хутчэй, бо не давядзецца чакаць, пакуль магазін праграм пераверыць і дапусціць іх да сябе

Непасрэднае прыбліжэнне

Фота і відэа цяпер можна прыбліжаць прама з акна чата – проста вазьміцеся двума пальцамі, як звычайна, толькі вось цяпер можна не адкрываць іх папярэдне на поўны экран.

Палепшаны прайгравальнік

Падчас прагляду відэа на iOS, утрымлівайце кнопкі гартання на 15 секунд, каб праматаць відэа ўперад ці назад. На Android, утрымлівайце левы ці правы бок экрана для таго ж самага, а падвоеным дотыкам можна «праскочыць» на 10 секунд уперад ці назад.

Падказці і новыя анімацыі для Android

З кожным абнаўленнем Android-праграма становіцца прыгажэйшай і больш дынамічнай – зірніце самі, якія новыя анімацыі цяпер ёсць пры адкрыцці бакавога меню або пры вяртанні «змахам» да спіса чатаў з адкрытага чата.

А каб даведацца, на што здольны Telegram, адкрыйце Магчымасці Telegram у бакавым меню. Або перайдзіце ў канал @TelegramTips.

Вакансіі ў Telegram

Пакуль што ўсё. Мы ўжо прыняліся за наступнае абнаўленне — і калі вы падумалі «Нішто сабе, вось гэта настрой!», а не «Бядакі, адпачнулі б лепей», то вы можаце знайсці нешта цікавае ў нашым спісе вакансій.


26 красавіка 2021
Каманда Telegram

Other News

Гісторыі ў суполках і яшчэ 8 магчымасцей

Telegram выводзіць камунікацыю ў суполках на новы ўзровень — з 9 новымі магчымасцямі. Цяпер суполкі могуць размяшчаць гісторыі і захоўваць іх як допісы на сваёй старонцы профілю. Можна…
Feb 29, 2024

Захаваныя паведамленні 2.0, аднаразовыя галасавыя і відэапаведамленні, і яшчэ 8 новых магчымасцей

На працягу студзеня мы дадалі 10 новых магчымасцей у Telegram – сярод якіх палепшаныя захаваныя…
Jan 31, 2024

Палепшаныя выклікі, эфект распылення і новы функцыянал ботаў

Дзясятае абнаўленне Telegram у 2023 дадае абноўленыя выклікі з лепшай прадукцыйнасцю і меншым спажываннем зараду батарэі, новы эфект распылення…
Dec 31, 2023

Налады выгляду каналаў, адпраўка допісаў у гісторыях і шмат чаго яшчэ

З сённяшнім абнаўленнем любы карыстальнік зможа апублікоўваць допісы з каналаў як гісторыі, каналы атрымаюць пашыраныя налады выгляду,…
Dec 23, 2023