Асобныя тэмы для чатаў, інтэрактыўныя эмодзі, адзначэнне прачытанага ў суполках і запіс жывых эфіраў

Чытаць арыгінальны допіс па-англійску
Асобныя тэмы для чатаў, інтэрактыўныя эмодзі, адзначэнне прачытанага ў суполках і запіс жывых эфіраў

Сённяшняе абнаўленне дазволіць вам прызначаць асобныя тэмы для кожнага чата, перадаваць свае пачуцці любімым з дапамогай інтэрактыўных эмодзі з поўнаэкраннымі эфектамі, праглядаць спіс карыстальнікаў, якія прачыталі паведамленне у суполках і запісваць відэа і аўдыя ў жывых эфірах.

Асобныя тэмы чатаў

Telegram мае шырокую палітру магчымасцяў па арганізацыі і ўпрыгожванні вашых чатаў, ад папак да анімаваных фонаў. У гэтым абнаўленні прыгажосць і парадак сыходзяцца разам, дазваляючы вам вызначаць тэмы для кожнага асобнага чата.

Нашы дызайнеры стварылі 8 новых тэм, якія можна дастасаваць да вызначаных прыватных чатаў. Кожная з тэм мае градыентныя «бурбалкі» паведамлення, неймаверна прыгожыя анімаваныя фоны і унікальныя ўзоры.

Вы і ваш суразмоўца можаце выбраць тэму для абодвух бакоў, каб чат хутка можна было пазнаць нават спрасонку. Такім чынам можна адасабляць рознымі тэмамі чаты для вашых калег і сваякоў, каб вы не адправілі нянацкам свайму начальніку тое самае відэа.

Каб дастасаваць тэму для чата на Android, на загалоўнай панэлі чата націсніце ⋮ > Змяніць колеры. На iOS, на загалоўнай панэлі чата націсніце ⋯ > Змяніць колеры. Звярніце ўвагу, што вашаму суразмоўцу трэба будзе абнавіцца да найноўшай версіі праграмы, каб убачыць дастасаваную тэму.

Дарэчы, кожная тэма мае дзённую і начную версію і будзе прытрымлівацца налад начнога рэжыму вашай прылады – або цёмная ўвесь час, або будзе бегчы за сонцам.

І гэтыя 8 тэм — толькі пачатак: нашы дызайнеры ўжо працуюць, каб дадаць больш.

Інтэрактыўныя эмодзі

Нам вельмі падабаецца анімаваць эмодзі, но часам нават і агромністае чырвонае сэрца – разам з ударамі якога вібруе тэлефон! – не зможа перадаць усе пачуцці.

Таму мы крышку накодзілі, крышку намалявалі і доўга чарадзеілі — так і стварылі непасрэдную перадачу эмоцый. Адпраўце адзін з гэтых эмодзі — 🎆 🎉 🎈 👍 💩 ці ❤️ — у любы асабісты чат, а пасля націсніце анімаваны эмодзі, каб раскрыць поўнаэкранны эфект.

Калі ваш суразмоўца таксама мае чат адкрытым, то ўсе анімацыі і вібрацыі прайграюцца адначасова на абедзвюх прыладах, так што вы зможаце зблізіцца нават на адлегласці.

Ваш суразмоўца будзе бачыць эфекты, калі мае найноўшую версію праграмы.

Мы загналі нашых мастакоў назад у падзямелле, і яны там ужо робяць новыя поўнаэкранныя эфекты для астатніх анімаваных эмодзі.

Пазнакі прачытанага ў малых суполках

І тэмы чатаў, і інтэрактыўныя эмодзі створаны для асабістых чатаў. Але і для суполак мы таксама маем значныя паляпшэнні.

Паведамленні ў суполках пазначаюцца прачытанымі (✓✓) адразу жа, як нехта іх прачытае. У невялікіх суполках вы цяпер можаце выбраць адпраўленае вамі паведамленне і ўбачыць, хто з удзельнікаў суполкі ўжо яго прачытаў.

Каб абараніць прыватнасць карыстальнікаў, гэтыя пазнакі будуць захоўвацца на працягу 7 дзён пасля адпраўкі паведамлення. Трымаць вялізарны спіс усяго калі-небудзь вамі прачытанага — справа не ў нашым стылі.

Запіс жывых эфіраў і відэачатаў

Telegram — гэта платформа для мільёнаў супольнасцяў, кожная з якіх можа стварыць жывы эфір на неабмежаваную колькасць карыстальнікаў. Будзь гэта штодзённы занятак па матэматыцы або першы і апошні канцэрт, які пасля стане легендарным — кіраўнікі могуць запісаць жывы эфір ці відэачат, каб пасля апублікаваць яго і даць магчымасць паглядзець запіс тым, хто не паспеў на саму падзею.

Запіс жывых эфіраў і відэачатаў

Кіраўнікі могуць пачаць запіс прама ў меню жывога эфіру або відэачата – з дадатковымі магчымасцямі запісваць відэа і аўдыя або толькі аўдыя. Каб запісаць відэа, не забудзьце пазначыць арыентацыю выніковага файла, вертыкальную або гарызантальную. Як скончыце запіс або сам эфір, то файл імгненна загрузіцца ў ваша Захаванае.

Націсніце ⋮ або ⋯, каб адкрыць меню трансляцый і пачаць запіс. Падчас запісу побач з загалоўкам трансляцыі будзе паказвацца чырвоная кропка.

Ну, спадзяемся, вам будзе чым заняцца, пакуль мы пойдзем зробім яшчэ адно абнаўленне. Як і заўсёды, то наўрад ці зойме шмат часу.


19 верасня, 2021
Каманда Telegram